ГО́РНАЯ ШО́РЫЯ,
сістэма сярэднягорных хрыбтоў і масіваў у гарах Паўд. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі. Населена адным са стараж. народаў Алтая — шорцамі. Займае адгор’і Салаірскага кража, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 1500—2000 м), на схілах тайга (піхта, елка, кедр, бяроза і інш.). Горная Шорыя — рудны раён; уключае Таштагольскае, Шэрэгешаўскае і інш. радовішчы лёгкаабагачальных магнетытавых руд. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, золата, марганцавай руды і інш. Лясная прам-сць. Горная Шорыя — рудная база металургічных з-даў г. Новакузнецк.
т. 5, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)